МАЗАВЕ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Mazowieckie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 35 тыс. км². Нас. 5068 тыс. чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г. Варшава. Найб. гарады: Радам, Плоцк, Седльцы, Астралэнка. Размешчана на Мазавецкай нізіне, у межах якой вылучаецца Варшаўская катлавіна. Рэльеф нізінны з участкамі марэнных раўнін і шырокімі далінамі. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (гліны, пяскі, жвір, мел). Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -2,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 470—600 мм за год. Гал. рэкі: Вісла, Буг, Нараў. Воз. Зягжынскае. Глебы пераважна падзолістыя, балотныя, бурыя. Лясы займаюць 21% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле- і трактарабудаванне, электратэхн., электронная прам-сць), нафтахім. і хім. (у т.л. фармацэўтычная), парфумерная, цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, паліграф. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 67% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, пшаніцу, цукр. буракі. Інтэнсіўнае садоўніцтва і агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Турызм.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)